Для кожнага жыхара Беларусі першая нядзеля верасня – асаблівая, святочная. У шумлівыя паўсядзённыя размовы ўключаецца важкае, выверанае стагоддзямі, поўнае мудрасці і стваральнай энергіі Роднае Слова. Менавіта ў гэты дзень у нашай рэспубліцы, пачынаючы з 1994 года, адзначаецца Свята беларускага пісьменства.
Гэты дзень стаў нацыянальным святам беларусаў, якое ўвасабляе адзінства друкаванага слова і гісторыі нашага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства, далучэнне да духоўных святыняў.
З глыбокай старажытнасці дайшло да нас жыватворнае слова роднай мовы. Праз стагоддзі і цяжкія выпрабаванні данеслі яго нашчадкам выдатныя асветнікі і творцы, якія аб’ядноўвавалі народ магутнай сілай, вучылі размаўляць, спяваць песні, складаць вершы пра шчасце і волю на роднай мове.
У шосты школьны дзень у бібліятэцы для вучняў 9-х класаў праведзена інфармацыйная гадзіна «Скарыны светлае імя». Дзеці звярнуліся да вытокаў нацыянальнай культуры беларускага народа, даведаліся пра гісторыю беларускага кнігадрукавання і выдатных беларускіх асветнікаў, пашырылі веды аб гісторыі святкавання Дня беларускага пісьменства.
Вучні таксама звярнуліся да тэматычнай кніжнай выставы «Ад Скарыны да нашых дзён». Гэтая выстава дала магчымасць вучням падрабязней даведацца пра асветнікаў і славутых людзей Беларусі.
І.В. Кейзерава, бібліятэкар