Беларускі чацвер

05.09.2024 у дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №2 г.Магілёва” для вучняў пятых класаў прайшоў круглы стол, прысвечаны Дню беларускай пісьменнасці – святу духоўнасці, нацыянальнай культуры, кнігадрукавання. Вучні падрыхтавалі паведамленні аб урачыстым адкрыцці і правядзенні XXXI Дня беларускай пісьменнасці, які прайшоў у Івацэвічах. Брэстчына ўжо пяты раз стала гаспадыняй свята асветы.

Падчас мерапрыемства дзеці працавалі з фотатэстам “Беларускія асветнікі і пісьменнікі”, падзяліліся на групы і выконвалі заданні па жыцці і творчасці выбітных асоб пісьменнасці, карыстаючыся планам, складалі і разгадвалі крыжаванкі.

У канцы мерапрыемства вучні зрабілі выснову, што свята мае непасрэдныя адносіны да слова, да мовы. А роднае слова, беларуская мова, пісьменнасць спрадвеку з’яўляюцца выключным духоўным багаццем нашага народа. І наша агульная задача – не страціць цікавасці да літаратурнага слова і кнігі, захаваць культурныя каштоўнасці для перадачы наступным пакаленням.