Мовы сваёй не цурайся

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.

Пад такім дэвізам з 18 па 22 студзеня ў нашай школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Мовы сваёй не цурайся”.
Распачаўся ён інфармацыйнай гадзінай, прысвечанай роднай мове. Затым на працягу тыдня вучні ўдзельнічалі ў пазакласным мерапрыемстве з элементамі гульні “Хлеб – жыцця аснова”, змаглі паказаць свае веды ў “Алімпійскай” гульні па беларускай мове. Выявіць свае здольнасці ў выразным чытанні і веданні роднай мовы дзецям дапамог конкурс чытальнікаў паэтычных твораў “Гучы, роднае слова!”
Акрамя гэтага, на працягу тыдня працавала і творчая майстэрня-кнігарня, дзе рабяты змаглі перадаць павагу да беларускай мовы, сваю любоў да роднай зямлі, захапленне яе прыгажосцю і непаўторнасцю і, безумоўна, прыняць ўдзел у конкурсе “Кніга сваімі рукамі”.
Напрыканцы тыдня вызначыць пераможцаў конкурсу было вельмі цяжка: кожная кніга аказалася самай прыгожай і самай незвычайнай.
Самыя актыўныя ўдзельнікі тыдня былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і дыпломамі.
Усе пройдзеныя мерапрыемствы былі накіраваны на выхаванне любові і павагі да беларускай мовы, бо мова — душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны і неацэнны скарб. I сёння гонар і абавязак усіх нас — шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.