Пад такой назвай з 12 па 18 лютага ў нашай школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Мэта мерапрыемстваў прадметнага тыдня – папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, ушанаванне дня роднай мовы, развіццё пазнаваўчай і творчай актыўнасці, выяўленне і заахвочванне найбольш адораных вучняў.
Адбылося адкрыццё Тыдня школьнай алімпіядай па прадмеце сярод вучняў 4 – 8 класаў.
З поспехам прайшла выстава малюнкаў і плакатаў “Хай родная мова гучыць паўсюль”.
На працягу тыдня кожны вучань меў магчымасць прыняць удзел у літаратурнай віктарыне “Загадкі” (5 – 6 класы), “Кветкі беларускія” (7 – 11 класы) і атрымаць за правільныя адказы дзясяткі.
17 лютага вучні з задавальненнем удзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік – 2022”.
Праверыць свае веды, паказаць сваю эрудыцыю, праявіць творчыя здольнасці змаглі вучні 7 класаў на конкурсе эрудытаў “Адвечны голас Радзімы” і вучні 11 класаў на літаратурным рынгу “Знаўцы роднага слова”. Каманды вельмі захапіліся выкананнем цікавых разнастайных заданняў, прымалі актыўны ўдзел у спаборніцтвах, праявілі кемлівасць, паказалі свой слоўнікавы запас, а многія пашырылі яго.
А вучні 10 класаў змаглі здзейсніць цікавае падарожжа ў мінулае, прыняўшы ўдзел у мультымедыя-ўроку “Скарбніца традыцый маіх дзядоў”. Яно нікога не пакінула абыякавым. Творчая вынаходлівасць і мастацкае афармленне мерапрыемства ўражвала нетрадыцыйным падыходам і бачаннем.
Напрыканцы тыдня, 18 лютага, была арганізавана інфармацыйная гадзіна, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
Сярод вучняў і настаўнікаў нашай школы ніхто не застаўся абыякавым да роднай мовы. Усе з задавальненнем імкнуліся размаўляць на беларускай мове.