Грачанікаў Анатоль

8 верасня 80 год з дня нараджэння Анатоля Грачанікава

Зноў верасень —

Запаслівы грыбнік —

Шчыруе па імшыстых баравінах.

Трымціць раса на звонкіх павуцінах,

I травастою пах яшчэ не знік.

 

Немітусліва

Промні аж да дна

Прасвечваюць азёрныя глыбіні.

I гронкі ацяжэлыя каліны

Насыціліся сокамі спаўна.

 

Мне даспадобы

Верасень заўжды.

I не таму, што ў ім я нарадзіўся.

  У верасні мне свет увесь адкрыўся

 У спеласці сакоўнай — малады.

 

Так, свет!

I сам я ў вераснёвы час,

Прасвечаны святлом яго, як гронка,

Спяваю і не ціха, і не звонка

Для вас, абшары родныя, для вас,

Шчымліва

Адчуваючы душой

Закончаную яснасць у прыродзе,

I ў жураўліным сцішаным палёце,

I ў засцюдзелай быстрыні рачной.

 

Вулля

Шукае позняя пчала.

Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.

I дабратой прасвечана Айчына

У барвах баравіннага святла.

 

 

Грачанікаў Анатоль, нарадзіўся 08.09.1938 г. у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і служачага.

Пасля заканчэння ў 1960 г. Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе (1960-1962), намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола (1962-1965), першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола (1965-1967). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969-1971 гг. — загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», а ў 1971-1976 гг. — намеснік старшыні праўлення СП БССР. З 1976 г. — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1978 г. — часопіса «Бярозка», з 1982 г. — часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1965 г.

Памёр 07.03.1991 г.

Упершыню выступіў у друку ў 1957 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная  змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты…» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (вершы і паэмы, 1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю» (1986), «Жнівень-45» (1990). Выданы на рускай мове зборнік паэзіі «Звезды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Усесаюзным літаратурным конкурсе імя М.Астроўскага (1978). Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988). Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988). У 1988 г. выйшла «Выбранае».

Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э.Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў «Ватан — значыць Радзіма» (1987),  М.Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».