Святло паэзіі ў душы маёй
(вечар паэзіі, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц)
15 лістапада 2018 года вучні 11 класа ў школьнай бібліятэцы правялі літаратурную вечарыну да 70-годдзя з дня нараджэння беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц.
У пачатку мерапрыемства адзінаццацікласнікі ўзгадалі асноўныя этапы жыцця і творчасці паэтэсы, успомнілі найбольш выдомыя зборнікі вершаў: “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “Пара любові і жалю” (1983). Затым вучні выразна чыталі ласкавыя, пранікнёныя, шматзначныя вершы, якія цешаць сэрца, пранікаюць глыбока ў душу, выказвалі з любоўю і захапленнем свае ўражанні да творчасці Яўгеніі Янішчыц.
Яўгенія Янішчыц – пяснярка Палесся, вясковага жыцця, сялянскай працы.
Неад’емная частка душы Яўгеніі Янішчыц уваходзіць у кожны яе твор, як тая дзіўная птушка ў свеце Паэзіі.
На літаратурным небасхіле ўжо дзесяцігоддзі гарыць зорка Яўгеніі Янішчыц. Зіхоткае святло гэтай зоркі не паблякла, не згасла. А гэта значыць, што яна будзе свяціць датуль, пакуль людзі будуць мець духоўную патрэбу ў сустрэчы-дыялогу з таленавітай паэзіяй, сапраўдным мастацтвам.
Н.Л. Крысянкова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры