“Пароль неўміручасці – родная мова”
Пад такой назвай з 16 па 21лютага ў нашай школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Мэта мерапрыемстваў прадметнага тыдня – папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, ушанаванне дня роднай мовы, развіццё пазнаваўчай і творчай актыўнасці, выяўленне і заахвочванне найбольш адораных вучняў.
Адбылося адкрыццё тыдня акцыяй “Гавары са мной па-беларуску”.
З поспехам прайшла выстава малюнкаў і плакатаў “Хай родная мова гучыць паўсюль”.
На працягу тыдня кожны вучань меў магчымасць прыняць удзел у літаратурнай віктарыне “Загадкі” (5 – 6 класы), “Кветкі беларускія” (7 – 11 класы) і атрымаць за правільныя адказы дзясяткі.
16 лютага вучні з задавальненнем удзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік – 2017”.
Праверыць свае веды, паказаць сваю эрудыцыю, праявіць творчыя здольнасці змаглі вучні 5 класаў на турніры эрудытаў “Свая гульня” і вучні 6 класаў на інтэлектуальнай гульні “Знаўцы роднага слова”. Каманды вельмі захапіліся выкананнем разнастайных цікавых заданняў, прымалі актыўны ўдзел у спаборніцтвах, праявілі кемлівасць, паказалі свой слоўнікавы запас, а многія пашырылі яго.
А вучні 7 класаў змаглі здзейсніць цікавае падарожжа ў адзін са старажытных гарадоў Беларусі, прыняўшы ўдзел у завочным падарожжы “Полацк – горад-музей”. Яно нікога не пакінула абыякавым. Творчая вынаходлівасць і мастацкае афармленне мерапрыемства ўражвала нетрадыцыйным падыходам і бачаннем.
Напрыканцы тыдня, 21 лютага, была арганізавана інфармацыйная гадзіна, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы і адбылася цікавая сустрэча са старшынёй гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” Алегам Дзьячковым. Алег Уладзіміравіч расказаў вучням пра гісторыю роднай Магілёўшчыны, звярнуўся да гісторыі роднай мовы. Сустрэча завяршылася праглядам і абмеркаваннем мультфільмаў на беларускай мове, а таксама чытаннем верша Я. Купалы “Спадчына”.
Сярод вучняў і настаўнікаў нашай школы ніхто не застаўся абыякавым да роднай мовы. Усе з задавальненнем імкнуліся размаўляць на беларускай мове.